Вітаем Вас на сайце «Вясёлка»!
Калі ўпершыню вы пачулі казку? Наўрад ці ўспомніце дакладна, але несумненна — у дзяцінстве. Маці, бабуля, бацька, выхавацель дзіцячага сада чыталі, часцей, відаць, расказвалі іх, напаўняючы дзівоснай таямнічасцю свет. Мара і цуд раптам станавіліся побач з намі, з'ядноўваліся ў вядомых і загадкавых персанажах, якія засталіся на ўсё жыццё носьбітамі тых або іншых якасцей, — злосці ці дабра, здрады ці сяброўскай вернасці, зайздрасці ці справядлівасці. Вось чаму не існуе казак «сучасных» і «несучасных», бо ўсе яны аб вечных ісцінах, агульначалавечай маралі.
У раздзелах «Апавяданні» і «Вершы» размешчаны паэзія і проза беларускіх пісьменнікаў. Іх творы варта выкарыстоўваць для чытання, запамінання, расказвання або ў якасці дапаможнага матэрыялу. Патрэбна звярнуць увагу на сакавітасць, выразнасць, мілагучнасць і багацце беларускай мовы, старацца больш апавядаць вусна, заклікаць да гэтага і бацькоў. Такі падыход значна ўзбагаціць лексічны запас дашкольнікаў, будзе прапагандаваць родную мову, яе літаратурныя і духоўныя скарбы, актыўна рыхтаваць да самастойнага чытання.
Гэты сайт адрасуецца таксама бацькам, дзядулям і бабулям. Пры дэфіцыце літаратуры для дзяцей, асабліва ў аддаленых месцах Беларусі, думаецца, ён зробіць ім добрую паслугу. Няхай гэты праект стане своеасаблівым падарункам нашым нашчадкам ад тых, хто дбае про іх будучыню!
Часопіс маленькіх беларусаў
Часопіс “Вясёлка” пачынае сваю гісторыю з далёкага 1957 года. Першым рэдактарам яго стаў знакаміты беларускі паэт Васіль Вітка.
Часы змяняюцца. А часопіс застаецца. Сёння тыраж “Вясёлкі” – больш за 15 000 экзэмпляраў.
У лютым 2011 года ў часопіса з’явіўся сайт. Гэта новая старонка ў жыцці “Вясёлкі”. Інтэрнэт-рэсурс прапануе наведвальнікам пазнаёміцца з мірам часопіса: вершамі, казкамі, малюнкамі. Але вясёлкаўскі сайт не поўнасцю паўтарае часопіс. Тут чытачы знойдуць відэа з усіх мерапрыемстваў, у якіх “Вясёлка” прымае ўдзел. Для цікаўных створана і фотагалерэя. Акрамя таго, праводзяцца конкурсы. Пераможцу вызначаюць наведвальнікі сайта. Так вось “Вясёлка” пасябравала з інтэрнетам. Мы прысутнічаем нават у Твітэры.
Усё, што мы робім, мы робім для дзяцей. Каб ведалі родную мову, каб ведалі сваю Радзіму. З намі дзеці вучацца разважаць, адрозніваць добрае ад дрэннага. Словам, дапамагаем бацькам расціць патрыётаў.