Вершы і казкі для дзяцей

Вершы для дзяцей

Каза-манюка

Няма галасоў

Жылі дзед ды баба з дачкою. I была ў іх каза. Пагнала дачка пасвіць казу. Цэлы дзень пасвіла па бары, па дубраўцы, па траўцы, па мураўцы. Увечары прыганяе дахаты. Дзед пытаецца ў казы:
— Каза мая, козачка, дзе была? Што ты ела, што шла?
Кажа каза:
— Нідзе не была. Нічога не ела, нічога не піла. Толькі як бегла цераз масток, ухапіла кляновы лісток, а як бегла ля крынічкі, ухапіла кропельку вадзічкі...
Насварыўся дзед на дачку, што дрэнна казу пасвіла, і назаўтра выправіў бабу.
Цэлы дзень пасвіла баба казу па бары, па дубраўцы, па траўцы, па мураўцы. Увечары прыганяе дахаты.
Дзед зноў пытаецца ў казы:
— Каза мая, козачка, дзе была? Што ты ела, што шла?
Каза кажа:
—Нідзе не была. Нічога не ела, нічога не піла. Толькі як бегла цераз масток, ухапіла кляновы лісток, а як бегла ля крынічкі, ухапіла кропельку вадзічкі...
Дзед і на бабу насварыўся, што дрэнна казу пасвіла. Надзеў тады дзед бабін каптан і хустку ды пайшоў сам пасвіць казу. Цэлы дзень пасвіў па бары, па дубраўцы, па траўцы, па мураўцы. Увечары вярнуўся дахаты, пераапрануўся, сеў на прызбе і чакае казу з пашы.
Прыйшла каза на двор. Дзед пытаецца:
— Каза мая, козачка, дзе была? Што ты ела, што піла?
Каза кажа:
— Нідзе не была. Нічога не ела, нічога не піла. Толькі як бегла цераз масток, ухапіла кляновы лісток, а як бегла ля крынічкі, ухапіла кропельку вадзічкі...
Узлаваўся дзед на казу-манюку, прывязаў яе за плот, а сам пайшоў касу вастрыць, казу-манюку рэзаць.
Дазналася аб гэтым каза, сарвалася з прывязі і пабегла ў лес. Знайшла ў лесе зайчыкаву хатку, залезла ў яе і жыве там, а зайчыка і на парог не пускае.
Сеў зайчык пад елачкай і плача. Ідзе воўк:
— Чаго, зайчык, плачаш? Чаго зажурыўся?
— Як жа мне не плакаць, як не журыцца? Была ў мяне хатка — новая, яловая. Прыйшоў нейкі звер рагаты ды барадаты, выгнаў мяне з хаты і сам у ёй жыве, а мяне і на парог не пускае.
— Ну добра, не плач, я таго звера выганю.
Падышоў воўк да зайчыкавай хаткі, пастукаў хвастом у дзверы і кажа:
— Гай, звер рагаты-барадаты, збірай манаткі, ідзі прэч з зайчыкавай хаткі!
А каза як затупае за дзвярыма, як замэкае:
— Закалю цябе рагамі, затапчу цябе нагамі, яшчэ і барадою замяту!
Спужаўся воўк ды ад бяды ўцёк. А зайчык зноў сеў і плача. Ідзе мядзведзь:
— Чаго, зайчык, плачаш? Чаго зажурыўся?
— Як жа не плакаць, як не журыцца?
I расказаў мядзведзю пра сваю бяду.
— Ну добра, — кажа мядзведзь, — не плач, я таго звера адразу выганю.
Падышоў ён да зайчыкавай хаткі, патупаў каля дзвярэй ды кажа:
— Гэй, звер рагаты-барадаты, збірай манаткі, ідзі прэч з зайчыкавай хаткі!
А каза як затупае, як замэкае:
— Закалю цябе рагамі, затапчу цябе нагамі, яшчэ і барадою замяту!
Спужаўся і мядзведзь ды ў гушчар — кульгець, кульгець... Ідзе певень. Убачыў заплаканага зайчыка і пытаецца:
— Чаго, зайчык, плачаш? Чаго, брат, зажурыўся?
— Як жа мне не плакаць, як не журыцца?
I расказаў зайчык пра сваю бяду.
— Э, — кажа певень, — такую бяду я адной лапай развяду. Я таго звера ведаю — гэта дзедава каза-манюха...
Падышоў певень да зайчыкавай хаты, залопаў крыламі, закукарэкаў:
— Кукарэку! Кукарэку!
Заб'ю казу-недарэку!
Пачула каза ды як затупае, як замэкае:
— Закалю цябе рагамі, затапчу цябе нагамі, яшчэ і барадою замяту!
Тады певень яшчэ мацней залопаў крыламі і закрычаў:
— Гэй, каза, збірай манаткі,
Уцякай хутчэй ты з хаткі.
Бо вунь дзед ідзе,
Ён касу нясе...
Як пачула каза пра дзеда з касою, напужалася і кулём выскачыла з хаткі. А зайчык з пеўнікам зайшлі ў хатку і сталі там жыць-пажываць ды дабра нажываць.