Вершы і казкі для дзяцей

Вершы для дзяцей

Першае яечка

Няма галасоў

Хадзіў дзед на паляванне. Паляваў ад ранку і да змяркання. Зморыцца, аж слова не прамовіць, а звярыны не зловіць. Ідзе дахаты, ледзьве не плача. Вось дык няўдача!
Баба дзеда лае, што дарма гуляе, топча лапці, рве аборы. Ну і гора!
Слухаць дзеду горка бабіну гаворку.
— Ты, баба, мяне не лай. Злаўлю табе звера: чакай!
Цэлы дзень дзед хадзіў, курку-рабку злавіў.
Раба баба, скача, а курка кудахча: «Куд-куды, куд-куды! Дайце грэчкі і вады!»
Бабка курку накарміла, вадою напаіла. Села курка на вечка ды знесла яечка.
Бегла мышка пад скрынку, цягнула скарынку, хвастом вільнула, яечка скранула.
Яечка скацілася — трах! — і разбілася...
Убачыла баба, загаласіла ды з жалю ўсе гаршкі пабіла. Паламала і вечка, што недаглядзела яечка. Сама сярод хаты села і — абамлела...
Тут дзед стрэльбу схапіў, порахам набіў. Кінуўся да мышкі, а мышка — на вышкі.
Дзед за ёю:
— Лжэш! Ад мяне не ўцячэш!
За парог зачапіўся — плясь! — і паваліўся.
Набіў дзед гузак з добры кулак. Ляжыць, уздыхае, мышку лае.
Ішлі бабы па ваду, пабачылі тую бяду, пачалі рукамі махаць, людзей на дапамогу склікаць.
Прыбеглі старыя, за старымі — малыя. Дзеда паднялі, бабу вадой адлілі. Крычаць, бядуюць, яечка шкадуюць. Ну, вядома, і дзеда з бабай шкада.
Вось дык бяда!
А пакуль там крычалі ды бедавалі, курка села ў падпечку ды знесла другое яечка. Круглае, белае, моцнае, спелае. Яшчэ лепшае за першае!
Рада баба, рад і дзед: будзе яечня на абед!
Баба патэльню ўзяла, яечню спякла. Паклікала гасцей — старых і дзяцей.
Усе елі колькі хацелі. З-за стала ўсталі, песні заспявалі. Узяліся ў бокі, пусціліся ў скокі.
Скакалі, скакалі ды годзе сказалі.
Вось вам і казка. Чытайце, калі ласка!

Іншыя вершы аўтара