Вершы і казкі для дзяцей

Вершы для дзяцей

Скарбы (казка)

Няма галасоў

У адной сям’і нарадзіліся два сыны-блізняты. Назвалі іх Пятром і Паўлам. Калі яны трохі падраслі, з’явіліся ў іх мары падобныя як яны самі: знайсці скарб. Самымі любімымі іх заняткамі было чытаць кнігі пра шукальнікаў скарбаў і блукаць па закінутым замку, дзе, магчыма, схаваны скарб.
Кажуць, што калі вельмі верыць у свае мары, то яны калі-небудзь абавязкова збудуцца. Так здарылася і ў Пятра з Паўлам, калі яны выраслі. Вярнуліся браты аднойчы з далёкіх і доўгіх вандровак і сталі расказваць бацькам і адзін другому аб сваіх знаходках. Археолаг Пётр, раскапваючы замчышча, збанок з залатымі манетамі выкапаў, а геолаг Павел, працуючы ў геалагічнай экспедыцыі, адкрыў буйнае месцараджэнне золата. Як і належыць у такіх выпадках, яны атрымалі за гэта ўзнагароду.
Калі, пагасціўшы ў родным доме, пахадзіўшы па сцежках дзяцінства, яны зноў сабраліся ў дарогу і перад ад’ездам селі за святочны стол, маці з бацькам сказалі ім:
– Мы вельмі рады, дзеці, што збыліся вашы мары, але мы яшчэ больш рады, што здзейсніліся мары і нашы. Нам радасна, што вы выраслі добрымі людзьмі, што вы шануеце сваіх бацькоў і Бога. Што вы з падарункамі наведалі дзіцячы дом і не праходзіце міма ўбогіх, не падаўшы ім... Бо самыя вялікія скарбы на свеце – гэта дабрыня і міласэрнасць...