Спрэчка колераў (Казка)
Колеры аднойчы заспрачаліся. Кожны з іх хацеў быць галоўным. Больш за ўсіх кроычаў Чырвоны колер:
     – Я самы яркі, таму ісамы галоўны!
     – Не менш яркі і я! – гучна падаваў голас Зялёны, – і мяне летам найбольш у прыродзе!
     – А затое колькі мяне ў морах і акіянах незалежна ад пары года, – гаварыў Сіні.
     – А мяне – у нябёсах, – адказваў яму Блакітны, - я ўзвышаюся над вамі ўсімі!
     Жоўты, Фіялетавы і Аранжавы таксама, як маглі, адстойвалі сваю адметнасць і непаўторнасць.
     Пачула гэту спрэчку іх маці, сабрала ўсе колеры разам і сказала:
     – Не спрачайцеся, мае дзеткі. Вы ўсе кожны па-свойму важныя, кожны  па-свойму патрэбныя. Без кожнага з вас радасць жыцця была б не поўнай. Мы ўсе адна сям’я і ўсіх вас я вельмі люблю.
     – Вы, напэўна, здагадаліся, што маці ўсіх колераў – Вясёлка.
     З таго часу ўсе колеры жывуць дружна, як і належыць кожнай сям’і, і прыгожа граюць адным ансамблем.
