Вершы і казкі для дзяцей

Вершы для дзяцей

Цёмна-шэраю істотай...

Няма галасоў

Цёмна-шэраю істотай
Нехта ў прыцемку стаіць,
Нехта нешта шэпча ўпотай –
Ці то страшыць, ці то кпіць…
Што за здань блукае недзе
Па-за плотам, ля ракі?
Можа страшныя мядзведзі,
Ваўкалакі, ці ваўкі...
Хто там сноўдаецца ценем?
Хто там шэпчацца ў кустах?
Шамаценнем, варушэннем
На мяне наводзіць жах....

Я з прытулку, ад акенца –
Трэба ж высвятліць адказ –
У надворак цераз сенцы
Шпарка выскачыўшы ўраз,
Паглядзеў праз дзірку ў плоце...
Што ж убачыў я, сябры,
Па-за плотам? – Ой, смяхоцце,
Сорам нават гаварыць –
Гэта ж ветрык жартаўлівы
Тут хаваецца ў кустах!
Ён гуляе з лісцем слівы –
Ну які ж у гэтым страх?!