Вершы і казкі для дзяцей

Вершы для дзяцей

Вясёлка

Вашая адзнака Нет Сярэдняя: 5 (5 галасы)

Дзеці летам ранкам золкім
Селі маляваць вясёлку.
Малявалі-малявалі —
Спрэчкі тут завіравалі:
З колераў якіх яна
Так прыгожа складзена?
Ўсе спрачаліся дасужа,
Пальцы загіналі дружна:
— Фіялетавы!
— Жоўты!
— Аранжавы!
— Чырвоны!
— Зялёны!
— Адзін прапусцілі!
— Які?
— Нібыта...
— Блакітны!..

Дзеці зноўку ранкам золкім
Селі маляваць вясёлку.
Малявалі-малявалі,
Спрэчкі тут завіравалі:
Колер кожны вельмі важны,
Што ён значыць, хто адкажа?

— Жоўты, ўскрылены цяплом,
Ласку дорыць і святло.
— А блакітны разам з сінім —
Гэта мір усім краінам!

— Фіялетавы... А гэты
Знак павагі і прывету.
— А зялёны — сын вясны,
Хай ім поўны будуць сны.
— Як матуліны далоні
Грэе колер нас чырвоны.
— I аранжавы нам любы —
Апельсіны вельмі любім!..

Колераў сем — вось суполка! —
Дружна склаліся вясёлкай.
Кожны колер блізкі сэрцу.
Чорнаму няма тут месца!
Чорны колер — то вайна!
Не патрэбна нам яна!

Малявалі ранкам золкім
Дзеці чыстую вясёлку.
Малявалі-малявалі,
Песні шчасныя спявалі!