Вершы і казкі для дзяцей

Вершы для дзяцей

Бусел

Вашая адзнака Нет Сярэдняя: 3.7 (3 галасоў)

— Бусел, бусел, клекатун
Цягне жабу за каўтун! —
Так дражнілі бусла мы,
Як ляцеў ён паўз дамы.
Ён ляцеў, махаў крыламі
Нізка-нізка па-над намі.
Беглі мы за ім паўмілі
I стараліся-дражнілі.
Толькі бусел адным вокам
Паглядзеў на нас звысоку —
Як ляцеў, так і ляцеў:
З намі й знацца не хацеў,
Не хацеў гуляць з блазнотай,
Бо заняты быў работай:
Сваім дзецям на буслянку
Ён насіў яду ад ранку.
Цэлы дзень карміў ён, рад,
Маладзенькіх буслянят.
Каб раслі хутчэй, каб сілы
Набіралі ў свае крылы.
Бо на крылах, бо на крылах
Ім ляцець за небасхілы,
За лясы, за горы, моры,
У бяскрайнія прасторы,
Ля аблок кружыць, лунаць,
Нас з табой у неба зваць.