Вершы і казкі для дзяцей

Вершы для дзяцей

Пра цара камара, палахлівых звяроў і бясстрашных арлоў

Вашая адзнака Нет Сярэдняя: 5 (1 голас)

Казка

Раззваніў наўкол Камар:
— Я ўсёй пушчы гэтай
Цар!
Сёння ўсім,
Усім,
Усім
Агалошваю аб'яву:
Тут ужо не лес зусім —
Камарыная
Дзяржава!
Гэта значыць,
Гэта значыць —
Досыць вам, звяры,
Лайдачыць!
Ці па лесе,
Ці па полі
Вам даволі
Ўжо сваволіць!
Часта бачаць мае вочы:
Кожны робіць з вас,
Што хоча!
Трэба вам
Іначай жыць —
Час дзяржаве
Паслужыць!
Толькі ўсе —
Ці звер, ці муха —
Вы мяне павінны слухаць!
Бо ў дзяржаве
Я ўладар,
Я — вялікі цар Камар!
Я парадак навяду,
Месца кожнаму
Знайду!
Досыць ад мяне
Хавацца,
Ад паслугі
Ухіляцца!
Самі вы цяпер павінны
Падстаўляць
Свае мне спіны.
Каб мог кроў я вашу ссаць,
Каб не лётаў
Вас шукаць!
Толькі каб цішком стаялі
I хвастамі
Не махалі!
Вы мне ўсе
Замест даніны
Кроў сваю
Даваць павінны!
Хто такой маёй аб'явы
Не захоча
Слухаць нават,
Я —
Дрыжыце ўсе ад жаху —
Адашлю таго
На плаху
Ды аддам, ды аддам
На з'ядзенне
Камарам!
Ну, а той з вас,
Хто ласкава
Адгукнецца
На аб'яву
I хто стане мне
Служыць, —
Будзе жыць
I не тужыць!
Кожны дзень
Разоў мо дзвесце
Будзе піць
I будзе есці!
— Ха-ха-ха! —
Тут смех звяры
Паднялі
У гушчары. —
Ну ж і цар,
Ну ж і ўладар!
Задавака ты,
Камар!
Ды такога ягамосця
Кожны ўміг
Прыдавіць ногцем!
Раззлаваўся тут Камар,
Зазвінеў
На ўвесь абшар
I праз хвілю
Скок з налёту
На Лася каля балота!
На хрыбце яго
Без зыку
Выняў, злосны, джала-піку
I ў хвіліну
У адну
Ўваткнуў
Ласю у спіну.
Аж узвіўся
Лось сахаты,
Аж зароў тут,
Барадаты.
Закруціўся ўвесь ваўчком,
Біць пачаў сябе
Хвастом,
Па баках лупіць рагамі,
Узрываць зямлю
Нагамі.
Ды Камар Ласю без жалю
Уганяў
Пад шкуру джала.
— О Камар,
Не муч, даволі!
Бо зайдуся я
Ад болю!
Буду я табе служыць,
Буду ўсё табе рабіць!
— Ну, раз так,
То адпускаю
I на службу залічаю!
Пажывеш сабе,
А з часам
Пойдзеш ты ў мяне
На мяса! —
Чулі гэта ўсё звяры
У зялёным гушчары
I затрэсліся
Ад страху,
Анямелі ўсе
Ад жаху.
А пасля —
Куды каторы:
У бярлогі,
Дуплы,
Норы —
Паўцякалі ўсе
Хавацца —
Ад той пікі ратавацца.
Селі,
Ціхенька сядзяць —
Нос баяцца паказаць.
Ды ці ж доўга тут
Уседзіш —
Трэба ж браць ім
Ежу недзе.
Што ж рабіць ім,
Што ж рабіць?
Як цяпер усім ім жыць?
Доўга думалі-гадалі,
Як ім жыць
У пушчы далей.
I сказалі так:
Каб жыць,
Трэба
Камару
Служыць!
Першы вылез
Ліс з нары,
Што жаўцела
Ля гары,
I пабег
Пад хвояў сховай
Да пасады Камаровай.
К Камару падпоўз пужліва,
Завіляў хвастом
Лісліва:
— Буду я табе служыць,
Буду ўсё табе
Рабіць —
Толькі б той не зведаць пікі.
О Камар,
О цар вялікі!
А за Лісам
Да двара
Камара-уладара
Падаліся
Барсукі,
Рысі,
Вожыкі,
Жукі...
Браў на службу ўсіх Камар,
Тут жа ўсіх запісваў
Цар.
А пасля лясны народ
Ён гукнуў, Камар,
На сход
І ў прамове найгарачай
Так паставіў ён
Задачу:
— Мне, вялікаму цару,
Пушчы ўсёй
Гаспадару,
Трэба тут,
Высокі самы,
Між альшын
Паставіць замак!
Каб знаў кожны са звяроў,
Што жыве тут
Цар цароў!
Зашумеў
Гушчар альховы —
Схоў адвечны Камаровы.
На будоўлю тую ў гаі
Ўвесь народ лясны
Спяшае.
Пад падмурак
Роў круты
Рыюць
Рупныя краты.
Памагаюць ім жукі
Ды лычастыя
Дзікі.
Барсукі
Цэмент цягаюць,
Гусакі
Раствор мяшаюць.
Каб быў моцны
Той падмурак,
Ладзяць ласкі
Арматуру.
Роў апалубкай
Раўняюць
I растворам заліваюць.
Дзік стары пад куст
Клыкамі
Цягне ўжо
Вялізны камень.
А мядзведзі,
Як заўсёды,
Носяць цяжкія калоды.
З тых калод
Вянцы складалі,
Зруб выводзілі,
Ўздымалі
Найвыдатныя майстры —
З рэчкі ціхае
Бабры.
I вось хутка
Аж да неба
Гожы, ўзорысты —
Што трэба! —
Найраскошны,
Звонкі самы
Сярод вольхаў
Вырас замак!
Вокны — ў брыжыках-узорах,
Шчыт і сцены —
Ў кветках, зорах.
Дах таксама распісны,
На каньку —
Пявун разны.
Паглядзець —
Аж цешыць вока,
Аж блішчыць усім здалёку.
Бачны —
Вочы ледзь прыплюшчы —
Ён з усіх куточкаў
Пушчы.
Каб заўсёды ведаў кожны,
Дзе жыве
Камар вяльможны!
А пасля хацеў на славу
Ўмацаваць Камар
Дзяржаву.
Доўга думаў ён сваёю
Найразумнай
Галавою
I, каб лепш з альховай гушчы
Кіраваць яму
Ўсёй пушчай,
Са звяроў —
Было ж іх шмат —
Утварыў
Дзяржаўны штат.
Стаў начальнікам аховы
Усёй дзяржавы Камаровай
Добра знаны
Воўк клыкасты,
Што ў кустах сядзеў
Купчастых.
У камандзе той ахоўнай,
Самай важнай,
Найгалоўнай,
Ён трымаў яшчэ —
Так, так! —
Сем ваўкоў
I сто сабак.
I яшчэ быў безадмоўны
Штат утворан —
Супрацьзмоўны:
Каб за пушчай віжаваць
Ды падкопы выкрываць
Пад той замак Камаровы
I знішчаць усюды
Змовы.
Супраць слаўнага
Цара —
Камара-уладара.
Тую службу у двары
Неслі чуткія тхары.
Вельмі пільна —
З хвояў, з высі —
Тут за ўсім
Сачылі рысі.
Уначы
Сон камаровы
Пільнавалі шчыра
Совы.
Скрозь развешваў паміж вецця
I павук
Свае тут сеці.
А пра розныя размовы,
Пра любыя ў лесе
Змовы
Камару яшчэ здалёку
Ўміг даносілі
Сарокі.
А каб славіць Камара,
Да нябёс узняць
Цара,
Ён сабраў к сабе ўсіх птушак,
Найцудоўнейшых
Пяюшак.
I над імі —
Салаўямі,
Івалгамі,
Каралькамі —
Цар паставіў тут
Варону —
Вельмі важную персону:
— Будзе вамі кіраваць
I вучыць вас,
Як спяваць!
I ўзялася тут варона
Навучаць усіх
Натхнёна:
— Каб цяпер вы ўжо
Не пелі
У бярозах
Што хацелі!
Каб у песнях толькі й зналі —
Камара-цара
Ўслаўлялі!
Каб у кожнай
У руладзе
Чуўся гімн
Яго уладзе!..
Каб хутчэй вам прылаўчыцца,
Трэба во ў мяне
Вучыцца:
Што ні спеў мой —
«Кра-кра-кра!» —
То чуваць у ім —
«Ура!».
Зніклі ў пушчы
Змовы-звады —
Поўны стаў цяпер парадак.
Хто сваволіў —
Не сваволіць,
Не гуляе вольна болей.
А жыве адно для славы
Камаровае
Дзяржавы.
Што камар ні загадае,
Кожны ўміг
Зрабіць спяшае.
Люба стала Камару —
Лесу цэлага
Цару!
Дзе б ні быў ён,
Ягамосця
Кожны кліча
К сабе ў госці.
Хто ні ўбачыць Камара —
Ўсе крычаць яму:
«Ура!»
Перад ім —
Ці так, ці ў тапках —
Ходзяць скрозь
На задніх лапках!
Скрозь звяры яго вітаюць,
Самі спіны
Падстаўляюць,
Каб спакойна
Кроў іх піў,
Каб да іх
Лагодны быў.
Перад ім заўсёды гнуцца,
Маляваць яго
Ірвуцца
Лаўрэаты-мастакі —
З-пад падрубаў
Пацукі.
З дрэў яму спяваюць
Птушкі,
Аж заходзяцца,
Пяюшкі,
Камарова імя ў спевах
Услаўляюць
Справа й злева.
А таго, хто ўсё ж,
Бывае,
Камара не заўважае,
Хто спіны яму пад джала
Не падставіць —
Спрытна, ўдала,
Хто, сустрэўшыся,
Натхнёна
Камару не б'е паклонаў,
Хто яму не дагаджае,
Ў песнях-гімнах
Не ўслаўляе,
А тым болей хто дзе пікне
Ці яму знячэўку
Зыкне,
О, таму нездабраваць
I бяды
Не мінаваць!
Збэсцяць,
Высмяюць,
Аблаюць,
Усяго з гразёй
Змяшаюць! —
А ў дадатак —
Знай, бядак! —
Нацкуюць гайню сабак.
Нудна стала,
Сумна ў лесе —
Не чуваць вясёлых песень.
Пушча ўся замерла быццам —
Кожны нават чхнуць
Баіцца.
Ўсе дрыжаць перад дваром,
Гнуцца
Перад Камаром.
Камару
I той дваровай
Хіжай хеўры Камаровай
Не маглі ніяк скарыцца,
Да вяльможных ног
Схіліцца,
Слухаць іхні гоман злы
Толькі гордыя Арлы.
Разгарнуўшы ў небе крыллі —
Прэч няволю,
Прэч ману! —
Камаровай камарыллі
Аб'явілі ўсе вайну.
З паднябесся,
З хвой высокіх
Пазляталіся:
Пара
Ўжо вярнуць тут пушчы волю,
Скінуць з трона
Камара.
— Перш, — сабе сказалі, —
Трэба
Штурмаваць нам замак
З неба.
Да варожай гэтай цэлі
Зверху
Каменем ляцелі.
Наляталі віхрам з высяў
На ваўкоў прадажных,
Рысяў,
Разганялі
Барсукоў,
Соў,
Тхароў
Ды павукоў,
Што служылі Камару —
Злому выскачку-цару.
А яшчэ — і так, і сяк —
Білі ўслужлівых
Сабак,
Што трымалі пушчу ў страху,
Прыганялі ўсіх
На плаху.
Так арлы
Праз дзень ці тры
Знеслі
Царскія муры.
Зноў тут пушча вольнай стала!
Зноў тут
Сонейка заззяла!
Заспявалі ўсюды птушкі
Зноў тут
Песні-весялушкі.
Зажылі ізноў звяры
У зялёным
Гушчары.
Зноў тут скача ўсё,
Гуляе.
Зноўку пушча
Расцвітае.