Вершы і казкі для дзяцей

Вершы для дзяцей

Казачка пра зязюлю

Вашая адзнака Нет Сярэдняя: 5 (1 голас)

А вы такую казку чулі?
У дальнім лесе ў даўні час
Жыла-была адна зязюля…
Вось пра яе і будзе сказ.

Яна гарэзай-весялухай
Між іншых птушачак расла,
Але бацькоў сваіх не слухаць
Яшчэ з маленства пачала.

Што ні гавораць ёй — не чуе.
Час не марнуючы ў гняздзе,
Дзе хоча лётае, начуе,
Жыццё разгульнае вядзе.

А прыляціць — усё сваволіць,
Трасе какетліва хвастом
І, каб не трапіць у няволю,
Ізноў кідае родны дом.

Так лета, восень прамільгнулі,
Зіма… Вясна пчалой гудзе…
Ў пачатку ліпеня ў зязюлі —
Ужо нашчадак у гняздзе.

Заўжды галодны, жаўтароты,
Разявіць дзюбу — і пішчыць…
А гора-маці не ахвота
І чарвячка яму злавіць.

Зязюля сораму не мае.
Ну што ёй звод птушыных норм!
Яна сыночка падкідае
Ў гняздо чужое — на пракорм…

І з той пары зязюля яйкі
Хавае ў гнёзды іншых птах...
І гэта — праўда, а не байкі!
Ўжо гэтак склалася ў вяках!

Але жыццё прабегла зграяй…
Няўмольны час абтрос галлё…
Зязюля — хворая й старая —
Шукае дзіцятка сваё.

Шукае, кліча... Ў наваколлі —
“Ку-ку! Ку-ку!” — і… цішыня…
Дранцвее лес, нямее поле…
“Ку-ку! Ку-ку! Дык гэта ж я!”

Вось так і носіцца па свеце:
Крычыць то ў тым, то ў тым баку…
Ды свет маўчыць… І толькі вецер
Разносіць сумнае “Ку-ку!”