Вершы і казкі для дзяцей

Вершы для дзяцей

Ці казка, ці быль...

Вашая адзнака Нет Сярэдняя: 5 (2 галасоў)

Сястрыца неяк Янку павучала:
“Калі адчуеш смагу летнім днём,
Не пей з капытца, брацік, што папала!
Аслухаешся – станеш казлянём!”

Ды дзе там! Быў малеча гэткі неслух!
Наўмысна нахіліўся – і папіў…
І раптам… сапраўды ў яго палезлі
Маленечкія вострыя ражкі!

Памацаў галаву хлапец рукою:
“Ну нарабіў я сам сабе - бяды!
Алёнушка! Сястрыца! Што са мною?!
Няўжо так застанецца назаўжды?”

Прайшлі гады, аселі за плячыма…
Забыўшы пра гаротнасці свае,
Іван – зусім дарослы, ўжо мужчына,
Нібы ваду, гарэлку ў горла лье…

Пра рожкі, ім схаваныя ў валоссях,
Забыліся і жонка, і радня…
Цяпер ужо яны самотна просяць:
“Не пей! Спіртное зваліць і каня!”

Але ж ці нехта п’яніцу стрымае?
Ды ён яшчэ ў маленстве спрытны быў!
Так п’е! Хаця і сілы ўжо не мае,
І нават на галоўку стаў слабы…

Співаецца, нібыта кім закляты…
А рогі, хай нябачна, ды растуць…
Калі ж ідзе па вуліцы "паддаты",
Яго казлом часцей ужо завуць…

Ды той казёл не можа ўжо спыніцца
І збавіцца ад прозвішча свайго…
Мараль: ”Не пейце, дзетачкі, з капытца –
Бо п’янства пачынаецца з яго!”

Калі ж адолеў нехта гэты вершык,
Дазвольце наўздагон яшчэ дадаць:
“Малодшым трэба слухацца старэйшых,
Каб потым у жыцці не бедаваць!“