Вершы і казкі для дзяцей

Вершы для дзяцей

Мядзведзь

Вашая адзнака Нет Сярэдняя: 4.6 (37 галасы)

Міколу Вічу

А ці знаеце вы, дзеткі мае,
Адкуль узяўся мядзведзь?
Не ведаеце? А!-ёй! – ля-ле!
То слухайце казкі медзь!
А можа – золата…
Толькі б вам
Спалася па начы:
Мякка, соладка… Я аддам
Усё, што ёсць на плячы.
Мядзведзь раней (ну, даўным-даўно!)
Быў, як і мы, – чалавекам.
Людзей па свеце мала было
(Кажу я ўсур’ёз; не смехам…)
Жылі яны па дрымучых лясах
(Каго толькі лес не гушкаў?!)
Ды палявалі (хто на нагах)
На розных звяроў і птушак.
А колькі ўлетку ягад-грыбоў,
Травак лячэбных, арэхаў!
Толькі б паспець да маразоў,
Толькі шукай таго меха…
Ды найболей святы народ
(Наш! – беларускага свята!)
Запасіў (што? правільна!) – мёд;
Пчолак было багата:
Яны вадзіліся і ў дуплах,
І ў сытай зямлі – у норах
(Вось і выраслі – як на дражжах –
Словы: “мядовае мора…”)
Знойдзеш, бывала, мёд у дупле,
Абвяжаш дрэва вяроўкай,
І ўжо ніхто права не меў
На тое дупло (хоць коўкай…)
Ды жыў тады адзін чалавек –
Першы гультай несусветны.
Што яму ягада, грыб ці арэх?
Сніўся мёд запаветны!
Жылося яму, таму гультаю,
Не на святую славу.
Навошта траціць сілу сваю –
Душы і нерваў араву –
Самому шукаць па лесе пчол,
Калі наўкола чужыя?..
Растаўсцеў, зрабіўся як вол,
Ужо не відно і шыі…
Ды вось бяда: цяжка яму
Стала лазіць на дрэвы.
Вой жа! голадна гультаю!
А ўкруг – пчаліныя спевы;
І як жа ён, салодзенькі мёд,
Пахам шугае ў ноздры!
У сэрцы-душы – адно калаўрот*, –
Да апошняй аорты…
Пачаў ён думаць, ды меркаваць
(Бе-едненькі! аж – завохкаў!)
Што б такога зрабіць-прыдбаць, –
Каб лазіць на дрэвы лёгка?..
Ды нічога, як не круціў,
Так і не змог прыдумаць.
Але аднойчы (ну, дзіва з дзіў!)
Сустрэў... Хрыста каля дуба.
Гультай, канешне, не зразумеў,
З кім яго звёў у цноце
Нябёснай ліры прыгожы спеў
(Толькі мядок у роце!..
У ягоных тлустых мазгах
Толькі адно: “Пад’есці!..”
Не разумее таўшчэзны гмах**
Святыя вестачкі-весці…)
Ды падарожны загаманіў:
“Там, за сямю балотамі,
Дзе дванаццаць бусловых ніў –
Сямю кругазваротамі!
Сям’ёй сямю непазбежных нот! –
Павучаюць народы;
Там ты знойдзеш (на кожны год)
Сваёй асалоды згоду…
Там жыве адзін чарадзей;
Ён цябе зробіць лёгкім…
Як? Ад усялякіх надзей.
Розум людзей – ён! – крохкі…”
Так ён вымавіў; ды пайшоў…
Гультай пабег па балотах
(Так, нібыта – скарбы знайшоў!
Дзе там ляцець па нотах?!)
Дабег да лесу. Бачыць: стаіць
Ліпа. Вяроўкай абвязана.
Ліпа – чужая!.. Ды што ж рабіць?!
Мэта самая важная –
Толькі пад’есці (ды лёгкім стаць…)
Глядзіць: дупло вельмі нізка;
А мёду ў ім? Ні даць-ні ўзяць –
Можа, пад сотню місак!
Выдраў ён, значыць, мёд з дупла;
Наеўся! – як той калека;
Далей шыбуе: зноўку яна –
Ліпа, з вяроўкай “нейкай…”
Выдраў мёд і з таго дупла…
Доўга йшоў (ці не вельмі?)
Нарэшце, вось і яна, зямля, –
Чарадзеева келля…
Між прыгожанькіх васількоў –
Сярод квяцістай палянкі! –
Выглядае, сыходзячы ў роў,
Дах хаціны-зямлянкі.
Падбег гультай (язык – на плячах!)
Да хаты, пастукаў у дзверы.
Няма чарадзея дома
(“Ах!
Дзе ж ты?! Дай бог табе веры!” –
Падумаў гультай).
Дзе стаў, там сеў.
(Тоўсты; стаміўся бегчы…)
Толькі каля дзвярэй хацеў
Неяк узяць-прылегчы,
Бачыць: перад самым яго
Носам (як! не заўважыў?!)
Ліпа! з вяроўкай!.. Ды з дуплом!
(“Ах! божачкі! Маці ваша!”)
Прывык (хоць самы вялікі кол
Чашы яму на патыліцы)
Гультай выдзіраць чужых пчол;
І тут здолеў намыліцца…
Ды толькі пачаў ён драць мядок,
Глытаць (аж трашчала глотка!)
Бачыць – ідзе гаспадар…
(”Мой бог!” –
Крыкнулі бусел і плотка…)
Падышоў, паглядзеў чарадзей
На гультая (панура!)
І кажа, не зводзячы сон-вачэй
(Ажно таго скаланула):
“Ну, чалавеча, сам захацеў
Ты незайздроснага лёсу.
Есці хацеў, а не пацеў…
Не бачыў далей свайго носу…
За тую благую работу ты
З гэтага часу будзеш
Не хлеба прасіць, не чыстай вады…
Пчол! будзеш драць; як здзюжыш…”
І ўзяў?..
Перавярнуў чарадзей
Таго гультая ў мядзведзя…
Вось і чуцён мядзвежы рэй***
Па ўсіх абсягах Палесся.

* * *
А хто мне не верыць?
Ну, што ж… Няхай
Зловіць
У лесе мядзведзя
І распытае ў яго
(А!-яй!)
Ці праўду
разносіць
Казка па свеце…

________________________________________________
* Калаўрот – прыстасаванне для падымання грузаў; тут
– у сэнсе: для падымання калод з мёдам, – удакл. аўт.
** Гмах, перан. – увогуле пра што-небудзь вялікае, –
удакл. аўт.
*** Рэй – у выразе: весці рэй – быць завадатарам,
верхаводзіць, – удакл. аўт.