Вершы і казкі для дзяцей

Вершы для дзяцей

Скарб

Няма галасоў

Хто чуў з вас паданне
Даўнейшае, дзеці,
Як знойдзен быў скарб
Найцудоўнейшы ў свеце?

Шукалі яго смельчакі
За гарамі,
За землямі дальнімі
I за марамі.

Ды хоць абышлі яны
Мо паўзямлі,
Усё-такі скарб той
Знайсці не змаглі.

Адзін толькі ведаў
Мудрэц з беднай хаты,
Дзе трэба шукаць
Гэты скарб найбагаты.

Павёў ён аднойчы
Сыноў за дзядзінец
I тут жа суняўся
Пры роўнай даліне.

— Во тут, у зямлі,
Гэты скарб закапаны,
Пад тым дзірваном
Утравелым схаваны.

Ідзіце ж з рыдлёўкай сюды
Вы, няйначай,
Тут знойдзеце скарб,
У зямлі гэтай нашай.

Паслухалі мудрага бацьку
Сыны,
Дзірван той капаць
Узяліся яны.

Капалі шмат дзён,
Нават ноччу не спалі
I поле да пядзі ўсё
Перакапалі.

— Дзе ж скарб той? — пытаюць
У бацькі сыны. —
Прынеслі дамоў
Мазалі мы адны.

— Яго вы знайшлі —
Пачакаць толькі трэба:
Адкрые той скарб
Не адразу вам глеба. —

Сказаў гэтак бацька
I раніцай рана
Пасыпаў ён зерне
Па полі ўскапаным.

Вясновае сонейка
Поле ласкала,
А хмара дажджамі
Яго паласкала.

I вось неўзабаве
Сцяною крутою
Устала тут жыта
Наўкол залатое.

Сыны ураджай
Найбагаты сабралі —
Тым жытам засекі ўсе
Пазасыпалі.

Былі вельмі радыя
З бацькам сыны,
Бо, праўда, знайшлі
Скарб цудоўны яны.

Дазналіся й людзі
Пра золата тое,
Што сыплецца з нівы
Ў засекі ракою.

I ўжо не шукаюць
Яго за гарамі,
За землямі дальнімі
Ды за марамі.

Бо ў нашых краях
Каля кожнае хаты
Ляжыць у зямлі
Гэты скарб найбагаты.

Цяпер у палях
Ад зары да зары
Шукаюць яго
Кожны год трактары.